Начальнік ДАI Сяргей Талатай: парадак на дарозе мацуе бяспеку 16 Июль 2016 УГАИ УВД Брестского облисполкома Блог начальника ГАИ, Новости Предыдущая статья: Столинский район: совершен наезд на 6-летнего ребенка, виновник с места происшествия скрылся Следующая статья: В отношении водителя, из автомобиля которого выпал ребёнок, возбудили уголовное дело Незалежна ад узросту, полу, адукацыі, прафесіі і сацыяльнага статусу ўсе мы з’яўляемся ўдзельнікамі дарожнага руху. Хто – у ролі вадзіцеля, хто – як пасажыр ці пешаход. Відавочна, правілы паводзін на дарозе і вуліцы тычацца ўсіх, а занепакоенасць бяспекай руху зразумелая кожнаму. Таму і на “прамой лініі” з начальнікам упраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі УУС аблвыканкама палкоўнікам міліцыі Сяргеем ТАЛАТАЕМ у рэдакцыі “НТ” тэлефон “не маўчаў” – нашы чытачы скарысталіся магчымасцю і з першых вуснаў даведаліся, што робіць ДАІ для зніжэння аварыйнасці на дарогах, які парадак у арганізацыі работы фотарэгістратараў, дзе можа быць стаянка вялікагрузнага аўтамабіля і шмат пра што яшчэ. Некаторыя пытанні былі зададзены кіраўніку ДАІ вобласці праз сацыяльныя сеткі (у афіцыйнай групе газеты “ВКонтакте”). Сяргей КОРНЕЎ, г. Брэст: – Калі працуюць фотарэгістратары хуткасці, не заўсёды выстаўляецца папераджальны знак. Хіба гэта не абавязкова рабіць? – Гледзячы якія рэгістратары. Трэба разумець розніцу паміж апаратурай, што працуе ў аўтаматычным рэжыме, цэнтра фіксацыі правапарушэнняў і спецыяльнай тэхнікай, якую выкарыстоўвае аўтамабільная інспекцыя. Калі працуе цэнтр, дык у адпаведнасці з дамовай ён абавязаны выстаўляць інфармацыйныя знакі. У ДАІ ёсць адкрыты кантроль і схаваны. Тут знакі не выстаўляюць. Адзінага падыходу ў гэтым пытанні няма і ў замежных краінах. Напрыклад, у Польшчы стацыянарныя камеры знакам пазначаюцца, перасоўныя – не. У Германіі, Галандыі, Аўстрыі ніякія камеры фіксацыі знакамі не паказваюцца. Увогуле, вадзіцель павінен разумець, што перавышэнне хуткасці, там дзе яна абмежавана, – гэта парушэнне правіл, якое караецца законам. У нас адміністрацыйная адказнасць узнікае, калі перавышэнне звыш 10 кіламетраў у гадзіну. Але кожныя 5 кіламетраў у хуткасці – гэта рост рызыкі смяротнасці ў дарожна-транспартных здарэннях на 10 працэнтаў. Ягор ГОЛУБ, г. Баранавічы: – Ці не здаецца Вам, што на нашых дарогах зашмат абмежаванняў хуткасці руху? – Мы адсочваем абмежаванні хуткасных рэжымаў. Летась у 25-ці месцах прыбралі знакі “40”. Правялі аўдыт па вобласці, і многія абмежаванні хуткасці ліквідуем. Калі раней месца было аварыйна небяспечным, а потым прынялі меры да выпраўлення, паляпшэння дарожнай сітуацыі, дык са знакам “40” трэба развітацца. Ды калі ён ёсць ці стаіць камера фотафіксацыі або штучная няроўнасць зроблена – значыць, ёсць небяспека ДТЗ, а таму прадпісаны хуткасны рэжым неабходна выконваць. Марыя Іванаўна, г. Пінск: – Абураюць паводзіны некаторых пешаходаў, якія лічаць, што ўпэўніцца ў бяспецы пераходу праз вуліцу павінен хто заўгодна, толькі не яны. Як часта прымяняюцца спагнанні да пешаходаў? – У дарожным руху ўсе яго ўдзельнікі павінны быць аднолькава ўважлівымі і адказваць за бяспеку на дарозе. Таму ніякіх выключэнняў для пешаходаў няма, і нашы супрацоўнікі іх таксама прыцягваюць да адказнасці (летась у вобласці – 30 тысяч пешаходаў). Вось толькі спагнаць штраф бывае часам складана. Мяркую, што ў такім выпадку трэба браць на ўзбраенне замежны вопыт: парушыў – плаці штраф, не маеш на яго грошай – адпрацоўвай на грамадскіх работах. Гэта будзе справядліва, ды выхаваўчы эфект атрымаем. Неабходна змена культуры паводзін на дарозе і ўсталяванне ў грамадстве непрыняцця, нават асуджэння парушальнікаў. – Думаю, што і размовы вадзіцеляў па мабільных тэлефонах у час руху заслугоўваюць такога асуджэння… – Несумненна. У час кіравання транспартным сродкам вадзіцель абавязаны сачыць за дарогаю, рукі – трымаць руль. Мы самі павінны рабіць нашы дарогі бяспечнымі, адна толькі служба ДАІ такую задачу не вырашыць. Таму паўтару: культура паводзін на дарозе ўсіх удзельнікаў руху ў нас яшчэ далёкая ад ідэальнага варыянту і ўсім над гэтым трэба працаваць. – І яшчэ адно пытанне наконт арганізацыі руху ў Пінску і кантролю ДАІ. На праспекце Жаўтоўскага 4-палосны рух, а столькі парушэнняў! Не захоўваецца прадпісаная знакамі хуткасць, абгоны з парушэннямі, іншыя аварыйныя сітуацыі, а дзяжурнага супрацоўніка ДАІ рэдка калі ўбачыш. Як выправіць такую сітуацыю? – Мне імпануе Ваша неабыякавасць да забеспячэння парадку дарожнага руху Вашага горада. Наша служба і далей будзе надаваць пільную ўвагу прафілактычнай працы. Што да праспекта Жаўтоўскага, дык у бліжэйшы час будуць прыняты арганізацыйна-інжынерныя меры, якія дазволяць прымусіць вадзіцеляў выконваць патрабаванні пастаўленых знакаў. А месца паста выбіраецца з улікам дарожнай сітуацыі: там, дзе яна больш напружаная, дзяжураць інспектары ДАІ. У Вас у гора-дзе, напрыклад, вельмі складаная вуліца Першамайская – да 50 працэнтаў загінулых у ДТЗ трапілі ў бяду менавіта на гэтай вуліцы. Зразумела, ёй і надаецца больш пільная ўвага нашых супрацоўнікаў. Аляксандр БАНДАРУК, Жабінкаўскі раён: – Ці можна вялікагрузны аўтамабіль (фуру) пакідаць ля дома ў сельскай мясцовасці? Мой сусед так робіць і сцвярджае, што мае на гэта права, бо не ў горадзе жыве. Маўляў, у вёсцы з гэтым пытаннем інакш справы, чым у тым жа Брэсце… – У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам стаянка вялікагрузнага транспарту (больш за 3,5 тоны) у раёне населеных пунктаў забаронена, акрамя спецыяльна адведзеных для гэтых мэт месцаў. І ніякіх выключэнняў для сельскай мясцовасці ў гэтым пытанні няма. Ваш сусед не мае рацыі ў такой трактоўцы закона. Калі машына пакінута там, дзе зручна вадзіцелю, дык ёсць усе падставы яго пакараць. Таццяна СІМАНОВІЧ, Драгічынскі раён: – Што ў статыстыцы дарожна-транспартных здарэнняў у Вас выклікае найбольшую занепакоенасць? – Тое, што ўдзельнікі руху парушаюць правілы і трапляюць у ДТЗ, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення. У палове ўсіх аварый на Брэстчыне фігурыруе алкаголь. У маладзёжным асяроддзі, такое адчуванне, ледзь не геройствам лічыцца выпіць і – за руль. П’яныя веласіпедысты траўміруюцца вельмі часта. І пешаходы! За 5 месяцаў сёлета затрымана каля 10 тысяч пешаходаў, і палова з іх былі нецвярозымі. Людзі не даражаць сваім жыццём, калі п’янымі садзяцца за руль, ды і жыццямі іншых таксама, бо часта ў аварыях гінуць непавінныя. А гэта вельмі балюча!.. Яўген ТАРГОНСКІ, г. Брэст: – Калі ДАІ перастане закрываць вочы на масавыя парушэнні правіл паркоўкі? Паркоўка на тратуарах, пераходах, газонах і веладарожках – звычайная карціна ў нашым горадзе. На знакі “Стаянка забаронена” ніхто не глядзіць. Па цэнтры не прайсці з-за прыпаркаваных абы-дзе машын… – Праблема ў дзейнасці заканадаўства з аднаго боку і з другога – нізкага ўзроўню культуры і дысцыпліны. Павысім каэфіцыент карыснага дзеяння першага складальніка – павысім і другі, як вынік – парадак. А рэйды па захаванні правіл паркоўкі мы праводзім, парушальнікаў штрафуем. На жаль, не кожны перавыхоўваецца пасля атрымання штрафной квітанцыі. – І яшчэ пытанне. Па статыстыцы “Белнафтахіма” продажы паліва ў Беларусі ў 2015 годзе ўпалі на 20 працэнтаў. Ці не значыць гэта, што беларусы сталі менш карыстацца асабістымі аўтамабілямі, нягледзячы на рост іх колькасці? Як гэта магло паўплываць на аварыйнасць на дарогах? – Пытанне не да Дзяржаўтаінспекцыі. Мы не адсочваем актыўнасць выкарыстання асабістага транспарту і сувязі з аварыйнасцю згаданых Вамі абставін не прасочваем. Уладзімір Сцяпанавіч, г. Брэст: – Сяргей Валер’евіч, ці могуць папулярызацыя выкарыстання і стварэнне ўмоў для грамадскага транспарту, веласіпедаў, ролераў і іншых удзельнікаў руху палепшыць аварыйную, экалагічную сітуацыю ў Брэсце? – Несумненна! У першую чаргу трэба выдзеліць паўсюдна палосы для грамадскага транспарту, актыўна ўсталёўваць веладарожкі. Наша служба і гарадскія ўлады ў гэтым кірунку супрацоўнічаюць. Аляксей НІКАНОВІЧ, Брэсцкі раён: – Неяк прачытаў інфармацыю, што спынілі трактарыста, які быў п’яным. Трактар адправілі на штрафстаянку. Тэхніка ў разгар сяўбы прастойвала. Ці нельга прадумаць іншую форму пакарання? Няхай трактарыст адказвае сам, а не тэхнікай, якая яму асабіста не належыць… – Сельскагаспадарчая тэхніка не з’яўляецца нейкай выключнай сярод іншых відаў транспартных сродкаў. Кіраванне ў стане алкагольнага ап’янення караецца па законе, і не важна – ты за рулём свайго аўто ці едзеш на трактары прадпрыемства. Усе кіраўнікі гаспадарак ведаюць пра тых работнікаў, якія страчваюць вадзіцельскае пасведчанне за такое парушэнне. Не трэба апраўдваць – неабходна захоўваць закон. А забіраюць транспартны сродак толькі ў выпадку паўторнага затрымання ў нецвярозым стане. Калі такое здараецца, відавочна: пасля першага выпадку ні сам парушальнік, ні кіраўнік гаспадаркі, дзе ён працуе, ніякіх высноў не зрабілі і мер для непаўтарэння парушэння не прынялі. Ірына, г. Камянец: – Ці можа тата вучыць мяне ваджэнню на прасёлачнай дарозе, калі ў яго больш чым 20 год безаварыйнага вадзіцельскага стажу? – Не. Для вучэбнага ваджэння ёсць спецыяльныя абсталяваныя месцы. Калі на палявой дарозе вас спыніць інспектар ДАІ, давядзецца адказваць за парушэнне. Вадзіцельскі вопыт Вашага таты, які будзе сядзець побач на пасажырскім сядзенні, пад увагу брацца не будзе. Мікалай ПЯТРОЎСКІ, г. Брэст: – Ці не зашмат у нашым горадзе так званых ляжачых паліцэйскіх? Ёсць вуліцы з невялікай інтэнсіўнасцю руху. На Набярэжнай усталявалі такую перашкоду, хоць там пазначаны нерэгулюемы пераход. Навошта яшчэ і “паліцэйскі”? – Правілы ўсталявання штучных няроўнасцей вызначаюцца заканадаўствам. Па-першае, гэта месцы канцэнтрацыі дарожна-транспартных здарэнняў. Па-другое, месцы руху, збору грамадзян, якія выклікаюць пэўную напружанасць у дарожнай сітуацыі. Па-трэцяе, месцы абмежавання хуткасных рэжымаў. Выкарыстанне такіх перашкод на дарозе – гэта сусветны вопыт. На сённяшні дзень іх у нас дастаткова. Ці будуць новыя – пакажа час. Напрыклад, у мікрараёнах жылой забудовы верагоднасць будаўніцтва штучных няроўнасцей на дарогах даволі высокая. Што да “ляжачага паліцэйскага” па Набярэжнай, дык ён там патрэбны: раён гарадскога пляжу шматлюдны, непадалёку знахо-дзяцца ЗАГС, дзіцячая бібліятэка, шмат жылых дамоў. Размяшчэнне штучнай перашкоды апраўдана, а вось наколькі яна адпавядае стандартам для такіх збудаванняў, праверым. Веласіпедыст Іі, г. Брэст: (пытанне зададзена праз сацыяльныя сеткі): – Чаму б не ўнесці змены ў п. 148 Правіл дарожнага руху: “веласіпедыст павінен рухацца па веладарожцы, пры адсутнасці і немагчымасці руху па ёй, па праезджай частцы ці тратуары бяспечна для пешаходаў”. Хай тыя веласіпедысты, якія ўпэўнена і камфортна адчуваюць сябе на дарозе, едуць там, а хто больш упэўнены на тратуары – няхай па ім рухаецца. – Для таго, каб дазволіць рух веласіпедыстаў па праезджай частцы дарогі, неабходны час. Насамрэч, праблема складаная. Калі знізім хуліганства і агрэсію вадзіцеляў пры кіраванні транспартнымі сродкамі, супакоім трафік – тады настане час зрабіць вадзіцеляў-веласіпедыстаў раўнапраўнымі ўдзельнікамі дарожнага руху. Калі зрабіць гэта зараз, дык веласіпедысты стануць ахвярамі. Гэтага нельга дапускаць. Галіна МАЛЮШКА, г. Пінск: – Ці праўда, што наша вобласць для ўдзельнікаў руху самая бяспечная? – Безумоўна, мы параўноўваем сябе з іншымі абласцямі, і магу сказаць, што Брэстчына займае лідзіруючыя пазіцыі па бяспецы руху. Самай аб’ектыўнай лічбай у статыстыцы па гэтым пытанні можа быць колькасць загінулых у ДТЗ на 100 тысяч насельніцтва. У нас яна складае 5,8, у іншых абласцях рэспублікі 6 – 6,5. Лічу, што гэта вынік прафілактычнай работы службы Дзяржаўтаінспекцыі, шматлікіх акцый і адукацыйных праграм сярод дзяцей і моладзі. Тым не менш, нам ёсць куды расці, бо 79 загінулых на дарогах вобласці летась – усё ж вялікія страты. Наталля АНТАНОЎСКАЯ, г. Брэст, Дзмітрый ЯКУБЧЫК, Маларыцкі раён: – Ці з’яўляецца запіс з відэарэгістратара афіцыйным пацвярджэннем парушэння, якое прывяло да дарожна-транспартнага здарэння? – Такі запіс з’яўляецца падставай для ўзбуджэння адміністрацыйнага працэсу. Ён будзе разглядацца як прыкмета саставу адміністрацыйнага правапарушэння, але не як доказавая база. Запіс з відэарэгістратара можна адправіць на сайт абласнога ДАІ (gaibrest.by) з захаваннем патрабаванняў заканадаўства па зваротах грамадзян, калі Вы хочаце, каб ён быў разгледжаны ў прававым парадку. Аляксандр Мікалаевіч, г. Брэст: – Выдатнае рашэнне размеркавання руху на Камянецкім кольцы. Працую ў тым раёне, даводзіцца некалькі разоў на дзень туды-сюды ездзіць. Прынамсі, зручна, вось толькі просьба: патрабуюцца папера-джальныя знакі, каб вадзіцелі не блыталіся, як ім перастройвацца падчас руху. – Рух на ўездзе ў Брэст на так званым Камянецкім кольцы арганізаваны па прынцыпе “турбакольца”. Для таго, каб яно запрацавала ў поўную сілу, самае галоўнае – на падыходзе заняць патрэбную паласу руху, і тады праедзеш бесканфліктна з іншымі вадзіцелямі, куды табе трэба. Мы распрацоўваем матрыцу дарожных знакаў у выглядзе пентаграм, якія будуць нанесены на дарожнае пакрыццё і загадзя падкажуць вадзіцелю, які манеўр ён павінен выканаць. Гэтыя знакі вельмі інфарматыўныя, будуць уладкаваны на пад’ездах да кольца і, несумненна, дапамогуць пазбягаць аварыйных сітуацый. Источник информации: Народная трыбуна Автор: Святлана ТАБОЛІЧ Предыдущая статья: Столинский район: совершен наезд на 6-летнего ребенка, виновник с места происшествия скрылся Следующая статья: В отношении водителя, из автомобиля которого выпал ребёнок, возбудили уголовное дело На ту же тему Очередное ДТП с участием автомобиля такси, за рулем которого находился бесправник Барановичи: в результате наезда пострадал велосипедист Трагедия в Барановичском районе: в аварии погибли мать и дочь